МАНУМЕНТА́ЛЬНА-ДЭКАРАТЫ́ЎНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

від дэкаратыўнай скульптуры, цесна звязаны з архітэктурай і прыродным ландшафтам. Прызначана для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, мастоў, трыумфальных арак, фантанаў, архітэктуры малых форм, упрыгожвання паркаў, плошчаў, вуліц. Уключае: статуі і рэльефы, якія маюць самаст. значэнне; статуі, якія выконваюць ролю арх. элементаў (атланты, карыятыды); статуі-фантаны; скульпт. арнаментацыю на будынках.

Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Найб. росквіту дасягнула ў эпоху антычнасці, у стылях готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму ў культавым і палацавым буд-ве, садова-паркавым мастацтве, у мастацтве краін Усходу. У 20 ст. развіваецца пераважна як элемент ландшафтнага дызайна, была пашырана ў архітэктуры мадэрну і пабудовах, зарыентаваных на класіцыстычную традыцыю. З’явіліся яе новыя формы: агітацыйная, гульнёвая (для дзіцячых пляцовак), скульпт. інсталяцыі і інш. Часам выкарыстоўваюць сучасныя тэхн. сродкі: рух, гук, светлавыя эфекты і інш.

На Беларусі пашырылася ў 16—19 ст. у палацавым і культавым дойлідстве. Складаным сімволіка-алегарычным ладам, экспрэсіўнасцю, багаццем і разнастайнасцю форм вызначалася культавая скульптура 17—18 ст. (касцёл ў в. Новая Мыш Баранавіцкага, Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Міхалішкі Астравецкага, Ішчална Мастоўскага р-наў Гродзенскай вобл., бернардзінцаў у Гродне, францысканцаў у Пінску і інш.). У мастацтве класіцызму выкарыстоўвалася ў палацава-паркавых ансамблях, гар. і сельскіх сядзібах (палац Радзівілаў у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на, «Паляўнічы домік» у Гомелі, палац Храптовічаў у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. і інш.). Сярод паркавых скульптур 19 ст. алегарычная статуя «Багіня Міра» (1834) В.​Дэмут-Маліноўскага ў парку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, кампазіцыя «Хлопчык з лебедзем» (1874) у скверы Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У 1930-я г. зроблены рэльефы ў будынках Дома ўрада (скульпт. А.​Бембель, У.​Рытар, Р.​Ізмайлаў), Дома афіцэраў (Бембель, А.​Глебаў і інш.), Нац. акад. т-ра оперы і балета (Бембель і інш.) у Мінску. У 1950-я г. М.-д.с. арганічна суадносілася з архітэктурай класіцыстычнай арыентацыі: Рэсп. міжсаюзны палац культуры прафсаюзаў (скульпт. Глебаў, С.​Селіханаў, В.​Папоў), Нац. маст. музей (Бембель, П.​Белавусаў, С.​Адашкевіч, М.​Роберман) у Мінску і інш. Імкненнем сцвердзіць новыя пластычныя ідэі вызначаюцца найб. значныя творы 1970—90-х г.: кампазіцыі «Купава» перад будынкам рэстарана «Журавінка» (У.​Кузняцоў), «Вянок» фантана ў парку імя Я.​Купалы (А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі), «Юнацтва» ў скверы перад будынкам гасцініцы «Мінск» (Анікейчык), «Бег» над ўваходам стадыёна «Дынама» і «Арфей» перад будынкам муз. вучылішча (абедзве В.​Занковіч), «Юнак іграе на жалейцы» і «Поры года» ў гасцініцы «Турыст» (С.​Ларчанка, А.​Кішчанка), «Лаўка» ў Міхайлаўскім скверы (У.​Жбанаў), скульптуры «Паэзія», «Музыка», «Сцэнаграфія», «Танец», «Тэатр» на фасадзе Дзярж. т-ра муз. камедыі і кампазіцыя «Батлейка» каля яго будынка (Л.​Зільбер), скульпт. групы фантанаў «Поры года» на праспекце Машэрава — «Гуканне вясны» («Вясна», А.​Шатэрнік), «Купалле» («Лета», Л.​Давідзенка), «Свята ўраджаю» («Восень», Ю.​Палякоў), «Каляды» («Зіма», Занковіч) у Мінску; кампазіцыі «Натхненне» на фасадзе будынка Гродзенскага абл. драм. т-ра (Зільбер); «Белая дама з халопам» (Г.​Гаравая), «Русалка» (Л.​Гумілеўскі), «Анёл-заступнік з хлопчыкам» (А.​Фінскі), «Сабака для палявання» (П.​Лук, В.​Янушкевіч) у палацава-паркавым комплексе ў г. Нясвіж Мінскай вобл. і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Ж.​Б.​Карпо. Чатыры часткі свету. Скульптурная група фантана на плошчы Абсерваторыі ў Парыжы. 1867—72.
Да арт. Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў. Вёска Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)